Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.

Дата: 19 февраля 2019 в 18:10
Автор: Чалей Т. Р.
264 просмотра

Скарб бясцэнны, навек адзіны.

Быццам срэбны ручай вясною,

Жыватворнаю поіш вадою.

Маё сэрца заўжды замірае,

Калі музыка слоў тваіх грае.

Пра цябе спяваў нам Купала,

Душу Коласу ты сагравала,

Багдановічу зоркай свяціла.

Свае лёгкія белыя крылы

Караткевічу ты падарыла.

Ты – усіх маіх думак лагода,

Памяць продкаў майго народа

І калыска маёй Радзімы,

Скарб бясцэнны, навек адзіны.

Ты – матулі пяшчотная песня,

Радасць птушак усіх напрадвесні.

Тваё кожнае люба мне  слова,

Беларуская родная мова!

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.

Гэта свята – нагода для носьбітаў мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую мы завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова і на якой размаўлялі нашы продкі.

Добрай традыцыяй стала ў нашай установе кожны год праводзіць на працягу тыдня мерапрыемствы на роднай мове і прысвечаныя роднай мове. План тыдня абмяркоўваецца загадзя. Задзейнічаны ўсе. Беларуская мова гучыць на ўроках і на перапынках, у гардэробным пакоі і ў сталоўцы. І самыя маленькія жыхары нашай установы, і вучні выпускнога класа з задавальненнем рыхтуюцца да правядзення тыдня роднай мовы.

Мэты правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных гэтаму незвычайнаму дню:  -развіццё інтэлектуальнага патэнцыялу вучняў,

 - павышэнне агульнага культурнага ўзроўню гаварэння,

- фарміраванне ў вучняў спецыяльных камунікатыўных уменняў і навыкаў, выяўленне здольных і лінгвістычна адораных дзяцей,

-  папулярызацыя беларускай мовы.

У гэтым годзе  праца пачалася з памяшкання бібліятэкі, дзе была арганізавана  кніжная выстава беларускамоўных выданняў “Родная мова –  першы нацыянальны скарб” для вучняў старэйшых класаў, прайшла прэзентацыя новых беларускамоўных кніг. І выстава “Гаворым па-беларуску” для малодшых школьнікаў.

План мерапрыемстваў размясцілі на школьным сайце, каб кожны загадзя пазнаёміўся з прапанаванымі мерапрыемствамі і выбраў для сябе тое, што па душы.

21 лютага ў вучняў 3-4 класаў прайшоў “Моўны турнір”.  Маленькія беларусы змаглі прадэманстраваць сваё валоданне роднай мовай, праявіць свае творчыя здольнасці, паглядзець  беларускамоўны мультфільм, абмеркаваць убачанае.

Вучні 5-11 класаў прынялі ўдзел у квэсце “У пошуках нацыянальных скарбаў”. Каманды гульцоў атрымалі першую запіску, у якой утрымлівалася  зашыфраваная інфармацыя пра тое, дзе трэба шукаць наступную.  Каманды паслядоўна прайшлі ад пункта да пункта і дабраліся да апошняй запіскі, а з ёю - да заслужанага прыза. Удзельнікі пабывалі ў музейным пакоі, адгадалі краязнаўчыя загадкі, у бібліятэцы ім бібліятэкар дала васілёк і паравозік, вучні павінны былі здагадацца, на якога аўтара ці твор указваюць гэтыя падказкі, знайсці іх і атрымаць наступнае заданне.  У кабінеце беларускай мовы сярод партрэтаў беларускіх класікаў гульцы па падказках шукалі  партрэт Уладзіміра Караткевіча, разгадвалі рэбусы, слухалі беларускія песні і спрабавалі ўзнавіць тыя словы, якіх не хапала… Конкурсная праграма бла насычанай, разнастайнай і цікавай. Прыемна было назіраць, з якім задавальненнем і цікавасцю рухаюцца каманды ад аднаго прыпынку да другога. Усе запланаваныя мерапрыемствы прайшлі масава.  

 У гэты Дзень вучні ўсіх класаў напісалі агульнабеларускія дыктоўкі паводле беларускамоўных твораў.

Няхай сёння родная мова моцная, распаўсюджаная, абароненая заканадаўствам, але няма гарантыі, што ўжо заўтра яна не трапіць у спіс тых трох тысяч, гатовых знікнуць. Сярод якіх, на жаль, знаходзіцца і наша мова.

Беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі яна ледзь не знікла. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

Будзь жа разам з тымі, хто думае пра яе будучыню. Размаўляй па-беларуску, бо заўтра наша мова табе, тваім дзецям і ўнукам стане неабходнай. І не саромейся недасканалай гаворкі. Мова – жывая існасць, якая жыве там, дзе ёсць людское жаданне. Ведай: учора ты яшчэ не гаварыў па-беларуску, сёння размаўляеш на «трасянцы», а заўтра будзеш гаварыць на чыстай літаратурнай мове. А дзеля пачатку дастаткова зусім мала – проста паспрабаваць адзіны дзень у год, напрыклад, 21 лютага, з калегамі, сябрамі, роднымі, размаўляць па-беларуску.

“Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова”. Змітрок Бядуля

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.